ЛЕЎ XIII [Leo; свецкае Печы (Рессі) Вінчэнца Джаакіна; 2.3.1810, Карпінета-Рамана, Італія — 20.7.1903],

папа рымскі [1878—1903]. З 1846 архіепіскап, з 1853 кардынал. У сваёй першай энцыкліцы выклаў праграму прымірэння царквы з сучаснай цывілізацыяй. Спрыяў завяршэнню Культуркампфа ў Германіі, нармалізаваў адносіны з Бельгіяй, Расіяй, Японіяй. Паўплываў на адраджэнне тамізму, заклікаючы вывучаць філас. сістэму Фамы Аквінскага. Спрыяў развіццю біблеістыкі, у т.л. стварэнню Папскай біблейскай камісіі (1902). Рашуча выступіў супраць масонства, лічыў, што яно супярэчыць каталіцызму. Ініцыіраваў стварэнне каталіцкага грамадска-паліт. руху хрысц. дэмакратаў. У энцыкліцы «Rerum novarum» («Пра новыя рэчы», 1891) крытыкаваў лібералізм і палемізаваў з сацыялізмам, дамагаўся захавання натуральных чалавечых правоў рабочых. У 1881 дазволіў частковае выкарыстанне архіваў Ватыкана ў навук. мэтах.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)